ДНЯПРО́ЎСКА-БУ́ГСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943.
Праведзена партыз. брыгадай імя Молатава Пінскай вобл. (камандзір М.І.Герасімаў) з мэтай вывесці са строю шлюзы, плаціны і вадаспускі Дняпроўска-Бугскага канала і сарваць перавозкі праціўніка. Распрацавана БШПР у канцы 1942.
У лют.—сак. 1943 дыверсійныя групы атрадаў імя Лазо, імя Кутузава, імя Суворава вывелі са строю шлюзы Оўзіцкі, Ляхавіцкі, Рагадашчанскі, у маі — Пераруб і Радастаўскі на Белаазерскім канале. У пач лета 1943 праціўнік спрабаваў аднавіць Дняпроўска-Бугскі канал. З гэтай мэтай прыбыла аднаўленчая каманда, якую прыкрывалі 6 ваен. катэраў рачной флатыліі. Пачаліся рамонтныя работы. Даведаўшыся аб намерах праціўніка, камандаванне брыгады ў ноч на 19.6.1943 сіламі 3 атрадаў (каля 400 чал.) правяло аперацыю па вывадзе са строю Гарадзецкага, Ляхавіцкага, Оўзіцкага, Перарубскага, Селішчанскага, Старога і Новага Рагадашчанскага гідравузлоў. У выніку аперацыі ўзровень вады панізіўся да 30—60 см. 120 км канала на ўчастку Пінск—Кобрын сталі непрыгоднымі для эксплуатацыі. 129 суднаў праціўніка, якія былі перакінуты з Дняпра. засталіся ў Пінскім порце і ў ліп. 1944 захоплены Дняпроўскай ваен. флатыліяй.
А.М.Літвін.
т. 6, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)